Беларуская Рада культуры распачала працу па святкаванні Дзён беларускай культуры ў 2021 годзе. Тады беларусы крыху ачунялі пасля эміграцыі, вымушанай і нечаканай, і адчулі патрэбу не проста заставацца беларусамі на чужой зямлі, але і казаць пра сябе свету. 

 

Арганізатары зрабілі дапушчэнне, што сучасныя беларусы могуць згуртавацца вакол яскравага, жыццядайнага і сонечнага нацыянальнага свята Купалле, вакол асобаў Янкі Купалы, Яна Чачота і Марка Шагала, якія нарадзіліся 7 ліпеня, таму і сам Тыдзень беларускай культуры зладзілі вакол гэтай даты. Ініцыятыву Беларускай Рады культуры тады падтрымаў Офіс Святланы Ціханоўскай, да святкавання далучыліся выбітныя беларускія творцы і арт-актывісты па ўсім свеце. 

 

Тыдзень, які прайшоў пад лозунгам “Культура мацнейшая за дыктатуру” у 19 краінах і ахапіў больш як 40 гарадоў, тады паказаў, што, нягледзячы на ўсе перашкоды, беларусы здольныя ствараць, а наша публіка гатовая далучацца і браць удзел у святкаванні. Бо ў нашым народзе так павялося, што на святах няма сцэны, няма мяжы паміж акцёрамі і гледачамі і кожны, хто бярэ ўдзел у свяце, — яго актыўны актар.




Як гэта было